“Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй” пачнуцца на канале “Культура” 29 кастрычніка

29.10.2019  

Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй” – так называецца кніга Наталлі Бучынскай, выдадзеная ў 2013 годзе. Аўдыяверсія казкі прагучыць на хвалях канала “Культура” ў радыёклубе для дзяцей і падлеткаў “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя”. Першыя старонкі можна пачуць 29 кастрычніка ў 16:05. Тэкст чытае артыстка Ліка Пташук.

Гэта выдатны тэкст, лёгкі, выразны. Працаваць з ім – адно задавальненне. Я ўжо не ўпершыню сустракаюся з дзіцячымі творамі Наталлі Бучынскай, і буду рада асабістаму знаёмству,” – кажа артыстка пра сваю работу.

Поўная назва казкі “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй альбо adeljastar@tut.by”. Наталля Бучынская зарэгістравала гэты электронны адрас, і цяпер авечка Адэля прымае лісты ад маленькіх чытачоў.

Вобраз упартай, кемлівай і гламурнай авечкі Адэлі, галоўнай гераіні кнігі, паўстаў перада мной так жыва, што гісторыі пра яе прыгоды проста пацяклі ракой. Дастаткова было згадаць якісьці выпадак, уявіць Адэлю ў цэнтры падзей – і сюжэт гатовы. Спрэчкі аўтара з гераіняй – Авечкай, што марыць стаць сусветна вядомай зоркай – дадаюць дзецям адчуванне, што яны таксама могуць паўдзельнічаць у развіцці гісторыі. Дарэчы, многія чытачы далучыліся да абмеркавання пытанняў, якія ім прапаноўвала Адэля на старонках часопіса "Бярозка". Іншыя дасылаюць на яе паштовую скрыню малюнкі. Ёсць і такія, якія лістуюцца з Адэляй. Расказваюць пра сваіх сяброў, пра школу і сям’ю, пра хатніх гадаванцаў. Бывае, дзеляцца перажываннямі пра стасункі з блізкімі. Ці нават просяць парады. Трэба адзначыць, што Адэля НІКОЛІ не забывае адказваць сваім чытачам,”расказала аўтар кнігі.

Рубрыка “Чароўны куфэрак” існуе ў раскладзе праграмы “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” шмат гадоў. За мінулы сезон слухачы пачулі беларускія народныя казкі, аповесці Паўла Місько “Прыгоды Бульбобаў” і “Як на нашы імяніны...”, казкі Алены Масла “Як пані Чаротная ў Палангу на госці бегала” і “Пацучок Фелек”, творы Наталлі Бучынскай “Атракцыёны для вадзянікоў”, “Прыгоды маленькай машынкі”, “Як бабры прытулак шукалі”, аповесць Пятра Васючэнкі “Каляровая затока” і іншае. Кіраўнік праекта Наталля Сіротка адзначае, што асаблівую ўвагу пры адборы твораў яна звяртае на кнігі, якія выйшлі некалькі гадоў таму.

Сучасныя бацькі маюць два арыенціры – уласнае дзяцінства і рэкламу навінак. А што ж з кнігамі, якія выйшлі “паўпакалення” таму? Іх ужо няма ў кнігарнях, але дзеці, што іх чыталі, пакуль самі не сталі бацькамі. Так што наш “Чароўны куфэрак” вяртае ў поле зроку чытачоў цікавыя творы нашых аўтараў”, – адзначыла Наталля Сіротка.

У новым сезоне аб’ём літаратурна-драматычнага вяшчання для дзяцей пашырыўся. Рубрыка “Чароўны куфэрак” гучыць чатыры разы на тыдзень – з аўторка па пятніцу. Праграма “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” выходзіць на канале “Культура” ў 16:05 і паўтараецца на наступны працоўны дзень у 10:05. На сайце radiokultura.by захоўваюцца праграмы за апошні месяц.