Новы вяшчальны сезон на канале "Культура"

11.01.2021 

У новым вяшчальным сезоне канал "Культура" плануе правесці шэраг культурных мерапрыемстваў. Спецыяльныя праекты будуць прымеркаваны да значнай даты – 20-гадовага юбілею канала. У супрацоўніцтве з творчым аб'яднаннем музычных калектываў медыяхолдынга запланаваны канцэртныя і музычныя праграмы, прысвечаныя 90-годдзю заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі" і 100-годдзю з дня нараджэння дырыжора хору, народнага артыста СССР Віктара Роўды.

"Культура" прапануе прэм'еры музычных праектаў. Сярод іх - перадача пра творчасць сучасных сусветных кампазітараў "Музычны мэйнстрым"; праект, які папулярызуе беларускую акадэмічную музыку ХХ–ХХІ стагоддзяў "Музыка беларускіх кампазітараў"; праграма аб стваральніках і выканаўцах джазавай музыкі, развіцці сучаснага джаза "Час на джаз"; пазнавальная праграма "Музыка тэатра і кіно".

Публіцыстычная праграма "Алгарытм гармоніі" з удзелам псіхолагаў, арт-тэрапеўтаў запрашае слухачоў абмеркаваць актуальныя тэмы пра эмацыйны інтэлект людзей, а новы праект "На паліцах фанатэкі" распавядае пра ўнікальныя дакументальныя і мастацкія фонды Беларускага радыё.

Праграма "Лекторый" пазнаёміць аматараў мастацтва з яркімі прадстаўнікамі сусветнай мастацкай культуры і беларускімі творцамі ХХ–ХХІ стагоддзяў.

Не забыўся ў новым сезоне канал "Культура" і на сваіх маленькіх слухачоў – для іх у эфіры з'явіўся новы мастацкі праект "Дзіцячы радыётэатр", накіраваны на выхаванне маладога пакалення на лепшых узорах айчыннай і сусветнай літаратуры. Пра паэтычную спадчыну класікаў і маладых аўтараў распавядзе літаратурна-мастацкі праект "Прачулым радком…".

Заставайцеся з намі!