Пераможцаў нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” назвалі на мінскай кніжнай выставе

10.02.2020

Пераможцы нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” абвешчаны на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. 59-ты раз эксперты кнігавыдання, мастацкага аздаблення і дызайну абралі лепшыя выданні мінулага года. Ганаровыя статуэткі “Залаты фаліянт” і дыпломы прысудзілі за найлепшае фотафармленне, інавацыйныя падручнікі і дзіцячыя выданні, найбольш адметныя мастацкія кнігі і праекты пра малую радзіму. Таксама ўзнагароды раздалі ў намінацыях “Арт-кніга”, “Садружнасць”, “Духоўнасць”. Журы конкурсу ўзначаліў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна.

Найвышэйшую ўзнагароду конкурса атрымаў Дзяніс Раманюк. У намінацыі “Трыумф” адзначана яго выданне “Беларусь. Храм і краявід”. Упершыню вялікі “Залаты фаліянт” і дыплом імя Францыска Скарыны прысудзілі прыватнаму выдаўцу. Дзяніс Раманюк прысвяціў кнігу святыням розных куткоў краіны, якія выглядаюць надзвычай эфектна на фоне краявідаў. Аўтар дзеліцца фотаздымкамі і ўласнымі ўражаннямі ад знаёмства з помнікамі. За навуковую частку адказвае гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі. Працягвае Дзяніс Раманюк.

Таксама ў межах конкурсу “Мастацтва кнігі” ўзнагародзілі афарміцеляў выданняў. Найлепшым ілюстратарам прызналі Уладзіміра Даўгяла, дызайнерам – Уладзіміра Лукашыка, сярод фотамастакоў адзначаны Андрэй Шчукін.

Фота: belta.by