Пераможцы радыёконкурсу сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр 2.0” сканцэнтраваліся на маральна-этычных праблемах грамадства

09.12.2020 

Вызначаны пераможцы радыёконкурсу сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр 2.0”, які быў абвешчаны ў сакавіку на канале “Культура”. 

Удзельнікамі сталі самадзейныя і прафесійныя драматургі розных узростаў са сталіцы, абласных і раённых цэнтраў. Найбольшую цікавасць у аўтараў выклікалі маральна-этычныя праблемы ў сучасным грамадстве.

Згодна з рашэннем журы, у склад якога ўваходзілі прафесійныя пісьменнікі, прадстаўнікі тэатральнага і радыёмастацтва, вызначаны ўладальнікі другога і трэцяга месцаў. Імі, адпаведна, сталі Васіль Ткачоў з Гомеля за п’есу “Пераправа” і Улада Альхоўская за п’есу “Гэты ваш лес”. Пераможцы атрымаюць дыпломы і памятныя прызы ад арганізатара.

Конкурс п’ес для радыётэатра прайшоў на канале “Культура” ўжо другі раз. Першае творчае спаборніцтва адбылося ў 2018 годзе, калі найлепшай была прызнана п’еса Ягора Конева “Танец з рапірай”. Гэтым разам арганізатар прапанаваў на выбар чатыры тэмы для конкурсных матэрыялаў: “Сучасная беларуская культура і нацыянальныя традыцыі”, “Чалавек у глабальным свеце”, “Сучасная асоба і радыё” і “Гарманічныя адносіны чалавека з прыродай”. Сярод асноўных задач конкурсу, прысвечанага 95-годдзю Беларускага радыё, былі пошук таленавітых сучасных аўтараў, развіццё мастацкага радыёвяшчання ў краіне, стымуляванне творчай моладзі і яе далучэнне да радыёвяшчання.