Першае дзіцячае біенале адкрылася ў Мінску

07.05.2021

Арт-аб’екты юных творцаў і найлепшыя педагагічныя практыкі. Першае дзіцячае біенале адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Другі паверх установы цалкам адвялі пад дзіцячыя малюнкі, фотаздымкі, аб’ёмныя кампазіцыі, архітэктурныя праекты і іншыя творчыя работы. Увага не толькі выяўленчаму мастацтву. У праграме таксама кінапаказы, спектаклі і канцэрты. Расказвае намеснік дырэктара цэнтра Алеся Іназемцава.

Выставачны праект адкрывае новыя імёны ў беларускім мастацтве. Дэбютную экспазіцыю ў рамках форуму прэзентуе шаснаццацігадовая Аляксандра Куцень. Аўтар эксперыментуе з палароіднымі фотаздымкамі. Яе кампазіцыі ў змешанай тэхніцы на аснове аналагавых кадраў – своеасаблівы дзённік юнацтва.

На першым дзіцячым біенале можна быць не толькі гледачом. Наведвальнікам прапануюць творчыя заданні на майстар-класах і ў арт-лабараторыях. Форум юных аўтараў прадоўжыцца да 13 чэрвеня.

Фота: vk.com/ncsmby