Пейзажы сямі беларускіх мастакоў выстаўлены ў полацкай Мастацкай галерэі

08.04.2021

Выстава пейзажнага жывапісу “Край” адкрыта ў полацкай Мастацкай галерэі. Вобразы беларускай прыроды на палотнах сямі маладых мастакоў, якія працягваюць акадэмічныя традыцыі. Васіль Пяшкун, Віталь Гуназа, Міхаіл Крот, Антон Вырва, Павел Хадаровіч, Раман Коршунаў і Уладзіслаў Пятручык. Такой кампаніяй аўтары не толькі ладзяць сумесныя выставы, але і працуюць на пленэрах. "Вандроўкі па краіне з эцюднікам пад пахай – ужо стыль жыцця", – кажа мастак Антон Вырва.

Аўтары абралі галоўным героем твораў менавіта родныя краявіды. Маляванне беларускіх пейзажаў – магчымасць выказаць пачуцці да роднага краю, перадаць уласны настрой праз станы прыроды. Міхаілу Крату дапамагаюць вясковыя карані. Паходжанне шмат у чым вызначыла цэнтральную тэму творчасці.

Героі выставы на аснове традыцый стварылі ўласны стыль. Яны дапамагаюць лірычнаму краявіду заставацца візітоўкай беларускага мастацтва. Пабачыць работы сучасных пейзажыстаў у Полацку можна да 9 мая.

Фота: gallery.polotsk.museum.by