Праект “Радыётэатр. Лепшае” адкрые лепшыя спектаклі Купалаўскага тэатра

04.10.2019 

З 5 кастрычніка на канале “Культура” Беларускага радыё для ўсіх прыхільнікаў тэатра перад мікрафонам пачне выходзіць праект “Радыётэатр. Лепшае”. Першымі ў афішу праграмы ўключаны спектаклі Купалаўскага  тэатра, які сёлета адзначае 100-гадовы юбілей.

Праект азнаёміць з лепшымі ўзорамі айчыннага радыётэатральнага мастацтва, гісторыя якога налічвае амаль стагоддзе. Запіс на Беларускім радыё вядзецца з сярэдзіны ХХ ст., таму слухачам стануць даступныя драматычныя творы, створаныя за сем дзесяцігоддзяў.

Да юбілею галоўнай драматычнай сцэны краіны канал “Культура” створыць своеасаблівую анталогію пастановак, якія служаць адлюстраваннем майстэрства не аднаго пакалення рэжысёраў і акцёраў Купалаўскага тэатра, чыя творчасць стала нацыянальным набыткам. Сярод імёнаў - Канстанцін Саннікаў, Барыс Эрын, Валерый Раеўскі, Стэфанія Станюта, Здзіслаў Стома, Глеб Глебаў, Вольга Галіна, Сцяпан Бірыла, Мацвей Федароўскі, Генадзь Аўсяннікаў, Валянцін Белахвосцік, Марыя Захарэвіч, Віктар Манаеў, Мікалай Кірычэнка, Алена Сідарава і іншыя.

“Трансляцыі фондавых запісаў будуць весціся ў храналагічнай паслядоўнасці - ад больш ранніх запісаў да твораў апошніх гадоў. У выніку ў слухачоў складзецца даволі поўнае ўяўленне пра развіццё Купалаўскага тэатра і актыўнае супрацоўніцтва з Беларускім радыё”, - гаворыць аўтар праекта, дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок.  

Адкрые праект “Радыётэатр. Лепшае” знакамітая “Паўлінка” - візітоўка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Ролі ў радыётворы выканалі Раіса Кашэльнікава, Уладзімір Дзядзюшка, Лідзія Ржэцкая, Глеб Глебаў, Вера Пола і іншыя славутыя акцёры.

Праграма будзе выходзіць у суботы раніцай у 10:30 і ў нядзелі ноччу ў 01:30.  

Фота: zviazda.by