Прамая трансляцыя Рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове

Канал «Культура» Беларускага радыё ў Міжнародны дзень роднай мовы зладзіць прамую трансляцыю Рэспубліканскай дыктоўкі па беларускай мове.

З 21 да 28 лютага 2022 года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі правядзе Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. У Год гістарычнай памяці асаблівае значэнне набываюць каштоўнасці, што адпавядаюць нашаму народу на працягу стагоддзяў. Адзін з такіх базавых нацыянальных здабыткаў – беларуская мова.

Дыктоўка, якая фактычна адкрывае Тыдзень роднай мовы, адбудзецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Дзякуючы прамой радыётрансляцыі да падзеі змогуць далучыцца жадаючыя з усёй краіны і праверыць свае веды. Пачатак эфіру – 13:00.

 

Вяшчанне канала «Культура» вядзецца ў дыяпазонах 66–74МГц і 87,5–108МГц па ўсёй краіне. Удакладніць частоты можна па спасылцы. Далучайцеся да дыктоўкі праз анлайн-вяшчанне.