Прэм’ера канала “Культура” да Міжнароднага дня музыкі

30.09.2021 

Канал “Культура” Беларускага радыё сумесна з творчым аб’яднаннем музычных калектываў Белтэлерадыёкампаніі падрыхтаваў падарунак сваім прыхільнікам да Міжнароднага дня музыкі. У першы вечар кастрычніка ў праграме “Канцэртная зала” адбудзецца прэм’ера сюіты беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага “Пелеас і Мелізанда”.

Над гэтым творам кампазітар працаваў на працягу лета 2021 года. Партытура стала ўвасабленнем творчай задумы, інспіраванай аднайменнай п’есай класіка бельгійскай літаратуры Марыса Метэрлінка. У свой час Аляксандр Літвіноўскі стварыў музыку да тэатральнага спектакля “Пелеас і Мелізанда”. Аднак паглыбленне ў сімволіку п’есы прывяло яго да неабходнасці грунтоўна перапрацаваць ужо гатовыя нумары, пашырыць драматургічны кантэкст і напісаць, па сутнасці, новы, самастойны аркестравы твор.

У гісторыі пра Пелеаса і Мелізанду багата містычнага, зашыфраванага, недагаворанага. Прыдуманае каралеўства Алемонд існуе быццам па-за межамі пэўнай рэальнай эпохі і па-за часам. Ва ўласным часавым вымярэнні жывуць дзівакаватыя персанажы п’есы. Рухавіком падзей робяцца не ўчынкі герояў, а іх рэфлексіі, спантанныя ўражанні, развагі, абмен эмоцыямі, высвятленне стасункаў,” – гаворыць Аляксандр Літвіноўскі.

Знаўцы творчасці кампазітара пазнаюць яго аўтарскі стыль, які ў гэтай партытуры сілкуюць прыёмы, уласцівыя музыцы барока, рамантызму, постмадэрнізму.

Твор для радыёэфіру запісаў сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Александра Высоцкага. Пачатак трансляцыі –19:00.

Дарэчы, з 1 кастрычніка ў ранішнім эфіры канала “Культура” адбудуцца змены. Так, праект “У рытме дня” складуць дакументальныя і мастацкія запісы з фондаў радыё, моўныя парады, афіша культурных падзей, анонс эфірнага дня, а таксама ўзоры акадэмічнай і папулярнай музыкі.