Прынашэнне таленту Ірыны Шыкуновай

13.03.2020 

Праграма канала “Культура” Беларускага радыё “Вялікая студыя” ў найбліжэйшую нядзелю, 15 сакавіка, у 11:15 прысвячаецца памяці опернай выканаўцы, народнай артысткі Беларусі Ірыны Шыкуновай (на фота). У гэты дзень канал рыхтаваўся адзначыць юбілей спявачкі канцэртам з твораў, якія артыстка запісала ў Вялікай студыі Дома радыё. Аднак напярэдадні свайго 80-годдзя Ірына Сямёнаўна пакінула гэты свет… 

“Вялікая студыя” прапануе фрагменты праграмы “Нараджэнне голасу”, створанай на Беларускім радыё да 60-годдзя салісткі Вялікага тэатра Беларусі. Сярод удзельнікаў запісу – спявачка Ірына Шыкунова, рэжысёр оперы, народны артыст Беларусі Сямён Штэйн, айчынны паэт Уладзімір Карызна.

Эфір упрыгожаць творы з рэпертуару народнай артысткі Беларусі. Сярод іх – арыі з опер “Багема” Джакама Пучыні, “Парыс і Алена” Крыстофа Вілібальда фон Глюка, “Лаэнгрын” Рыхарда Вагнера, “Царская нявеста” Мікалая Рымскага-Корсакава і іншыя запісы, зробленыя ў Вялікай студыі Дома радыё ў розныя гады.

У фондах Беларускага радыё дзясяткі архіўных запісаў, у якіх гучыць голас Ірыны Шыкуновай, захоўваюцца з 1968 года. Гэтыя творы выкарыстоўваюцца ў напаўненні музычнага эфіру канала “Культура”, місія якога – папулярызацыя нацыянальнага і сусветнага мастацтва ў сучаснай медыяпрасторы Беларусі.

Фота: Ірына Шыкунова. news.tut.bynewsgomel.by