Радыёспектакль з успамінамі Таццяны Мархель і ўрыўкамі з айчыннай класікі – пераднавагодні падарунак для слухачоў канала "Культура"

27.12.2019

Канал “Культура” Беларускага радыё падрыхтаваў чарговы пераднавагодні падарунак. Новы твор для аматараў тэатра перад мікрафонам прагучыць на спецыялізаванай радыёхвалі, якая актыўна папулярызуе нацыянальную і сусветную духоўную спадчыну, 29 снежня ў 19:00 у праграме “Радыётэатр плюс”.

Радыёспектакль мае назву “Беларусь. Дыдактыка”. Аднайменная пастаноўка ў рэжысуры Аляксандра Марчанкі ідзе на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Творчая каманда канала “Культура” адаптавала сцэнічны твор для аўдыяўспрымання, перайначыла музычна-шумавое афармленне, у выніку чаго з’явіўся новы твор літаратурна-драматычнага вяшчання, які прапануе сучаснаму слухачу спрычыніцца да ўнікальнай нацыянальнай культуры, пачуць глыбінныя сэнсы айчыннай літаратуры, наталіцца мелодыкай беларускага слова і хараством нацыянальнай песні. Новы твор зафіксаваў непаўторны талент актрысы і спявачкі, народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель, а таксама выканальніцкі дар спевака Дзмітрыя Лук’янчыка.

–  Твор, пабудаваны на ўспамінах актрысы Таццяны Мархель, на фрагментах класікаў айчыннай літаратуры, сярод якіх, напрыклад, Я. Колас і У. Караткевіч, на разнастайных узорах песеннай спадчыны, дапамагае яшчэ больш любіць сваё, роднае, – кажа дырэктар канала “Культура”, літаратурны рэдактар радыёспектакля Уладзімір Трапянок. – Гэта аўдыязапіс, які вылучаюць тонкія і трапныя вобразы, шчырыя акцёрскія інтанацыі, зафіксаваныя ў песні боль і радасць нашых папярэднікаў. Гэта радыёспектакль, які абуджае нацыянальную свядомасць, павагу да продкаў і нашчадкаў, любоў да роднай зямлі. Твор, які павінен стаць даступным кожнаму беларусу.

Радыёспектакль “Беларусь. Дыдактыка” канал “Культура” прысвячае Году малой радзімы, а таксама 80-гадоваму юбілею народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. Над прэм’ерным радыётворам працавалі рэжысёр Ліка Пташук і гукарэжысёр Валерый Бяляеў.