Снежаньскія прэм'еры на "Культуры"

10.12.2019 

Апошні месяц года канал “Культура” Беларускага радыё, які спецыялізуецца на папулярызацыі нацыянальных і сусветных культурных здабыткаў, праводзіць пад знакам шматлікіх літаратурных, музычных і тэатральных прэм’ер.

Напрыклад, у папулярным праекце “Літаратурная анталогія” з 9 снежня гучаць старонкі кнігі Мікалая Гогаля “Мёртвыя душы”. Класічны твор аўтара, з дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 210 гадоў, чытае рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі.

Літаратурныя прэм’еры запланаваны і для дзіцячай аўдыторыі. Праект “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя” з 10 снежня будзе знаёміць з творам маладога гомельскага аўтара Юльяны Пятрэнка “Змеева Дуброва”, а напярэдадні зімовых свят пачнецца чытанне казкі пісьменніцы Алены Масла “Каляды з хроснай”. Творы для дзяцей агучыць актрыса Ліка Пташук. 

Канал “Культура” не абміне ўвагай і 95-гадовы юбілей нацыянальнага кінематографа. 17 снежня ў вячэрнім праекце “Канцэртная зала” адбудзецца прэм’ера музычнай праграмы, складзенай з кінамелодый, што гучалі ў айчынных фільмах. Канцэрт рыхтуе Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Сасноўскага. 

Яшчэ адзін музычны падарунак слухачы пачуюць у эфіры “Культуры” 25 снежня. У “Канцэртнай зале” прагучыць кантата “Песні на Божае Нараджэнне” ў выкананні Сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі. 

Таксама зараз канал “Культура” працуе над новым радыёспектаклем “Беларусь. Дыдактыка”, прысвечаным Году малой радзімы і юбілею народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель, якая выканае ў творы галоўную ролю. Прэм’ера аўдыятвора прагучыць 29 снежня ў праграме “Радыётэатр плюс”. 

Эфірная версія першай сустрэчы ў межах спецыяльнага праекта да 95-годдзя Беларускага радыё  “Радыё: на хвалі мастацтва” запланавана на 30 снежня. У ёй гаворка пойдзе пра станаўленне вяшчання ў нашай краіне. Таксама слухачы пачуюць унікальныя запісы з фондаў радыё, сярод якіх - галасы паэтаў Янкі Купалы і Уладзіміра Маякоўскага.

“Канал “Культура” павінен часцей здзіўляць сваіх прыхільнікаў прэм’ерамі, каб адпавядаць найменню спецыялізаванай радыёхвалі, якая арыентуецца на духоўныя здабыткі і традыцыі радыёвяшчання краіны. Падобнымі праектамі мы пацвярджаем, наколькі багатая і ўнікальная наша культура, - гаворыць дырэктар канала Уладзімір Трапянок. - У гэтыя дні мы ўсе жывём у чаканні цудаў. Спадзяюся, наш эфір напоўніць пераднавагодні час прыемнымі сустрэчамі і ўражаннямі. Сачыце за эфірам і анонсамі на нашым сайце ці ў суполках сацыяльных сетак. Дарэчы, цікавую эфірную акцыю мы рыхтуем непасрэдна на 31 снежня і 1 студзеня. На нашай хвалі выйдзе спецыяльны праект “Прэм’ерны карагод пад Новы год”.