Стаў вядомы пераможца конкурсу сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр у XXI стагоддзі” канала "Культура"

09.08.2018 

Кампетэнтнае журы, складзенае са спецыялістаў радыёвяшчання, тэатра і драматургіі, па выніках адбору найлепшай п’есай назвала “Танец з рапірай” Ягора Конева. Гэта гісторыя пра дзяўчыну, якая дасягае мары ўзысці на спартыўны Алімп. Да канца года па пьесе будзе пастаўлены радыёспектакль з удзелам прафесійных акцёраў мінскіх тэатраў. Трансляцыя аўдыятвора адбудзецца на канале “Культура”, пасля радыёспектакль папоўніць фонды Беларускага радыё.

Высокай ацэнкі журы таксама ўдастоена п’еса Васіля Ткачова “Мелодыя глінянай скрыпкі”. Ёй прысуджаны спецыяльны дыплом радыёконкурсу. Другую і трэцюю прэміі журы вырашыла не прысуджаць.

Удзельнікам творчага спаборніцтва арганізатары прапанавалі тэмы “Моладзь і вечныя каштоўнасці: сучасны погляд”, “Моладзь і сямейныя каштоўнасці”, “Дыялог культур у сучасным свеце”. У п’есах розных жанраў аўтары ўздымаюць пытанні ўзаемаадносін сучасных падлеткаў, станаўлення асобы, пошуку сябе ў глабалізаваным свеце, грамадзянскай і асабістай адказнасці перад сям’ёй і радзімай. Дасланыя работы ахапілі ўсе заяўленыя тэмы.

Прадстаўнікі розных узростаў са сталіцы і рэгіёнаў Беларусі сталі ўдзельнікамі конкурсу. Сярод іх Васіль Ткачоў (г. Гомель), члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Зінаіда Дудзюк (г. Брэст), Фёдар Палачанін (г. Докшыцы) і інш. Сярод маладых аўтараў – Дзмітрый Чарняўскі (г. Гомель), Сяргей Клімковіч (г. Мінск), Алеся Шынкевіч (г. Мінск) і інш.

Арганізатарамі конкурсу выступілі канал «Культура» Беларускага радыё і Цэнтр беларускай драматургіі. Творчае спаборніцтва ладзілася з мэтамі адбору арыгінальнага матэрыялу для радыётэатра, пошуку таленавітых аўтараў, развіцця літаратурна-мастацкага радыёвяшчання нашай краіны.