Сустрэча ў музеі гісторыі беларускай літаратуры

01.11.2019 

Канал “Культура” Беларускага радыё працягвае творчыя сустрэчы са сваімі прыхільнікамі. Чарговая адбудзецца 15 лістапада. Гэтым разам вечарына-прэзентацыя прысвечана пачатку новага вяшчальнага сезона, які стартаваў на “Культуры” з кастрычніка. Госці больш пазнаёмяцца з супрацоўнікамі адметнай радыёхвалі нашай краіны, даведаюцца пра навінкі сезона і іх напаўненне, атрымаюць запрашэнне да ўдзелу ў наступных творчых праектах, якіх канал “Культура” запланаваў на новы вяшчальны год у дастатковай колькасці.

Месцам правядзення сустрэчы абраны Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, які нядаўна падпісаў з каналам “Культура” дамову аб супрацоўніцтве. Згодна з дакументам, радыё і музейная ўстанова будуць праводзіць сумесныя акцыі па захаванні айчыннай літаратурнай спадчыны, папулярызацыі творчасці пісьменнікаў-класікаў і сучасных беларускіх аўтараў.

15 лістапада - адметная дата для ўсіх супрацоўнікаў Беларускага радыё. Менавіта ў такі дзень 1925 года ўпершыню ў эфірнай прасторы краіны прагучалі словы “Гаворыць Мінск!”. 

Творчыя сустрэчы са слухачамі “Культуры” праводзіліся ў сталіцы, Гродне, Брэсце, Полацку, Слоніме. У Мінску мы зноў вырашылі ўбачыцца з тымі, хто некалі настроіўся на нашу хвалю і застаецца ёй верным. Гэта заўсёды цікава і карысна, – гаворыць дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок. – Такія спатканні дазваляюць больш даведацца пра нашу аўдыторыю, яе прыхільнасці і жаданні. У слухачоў, у сваю чаргу, з’яўляецца магчымасць напрамую задаць пытанне кіраўніцтву канала, аўтарам праграм, а таксама падзяліцца ўражаннямі”. 

Са слоў дырэктара канала "Культура" Уладзіміра Трапянка, пазаэфірныя акцыі вылучаюцца цёплай атмасферай, напоўненай даверлівасцю і любоўю. “Нам асабліва прыемна будзе правесці дзень нараджэння Беларускага радыё разам, таму не абыдзецца без падарункаў ад нашай дырэкцыі. Дарэчы, вечар у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры папярэднічае цэлай серыі творчых сустрэч, якія мы са снежня гэтага па лістапад наступнага года правядзём пад знакам юбілею Беларускага радыё”, – дадаў кіраўнік.

Сустракаемся а 18:00!