Святочны эфір 8 сакавіка на канале "Культура"

05.03.2020 

Канал “Культура” Беларускага радыё да 8 сакавіка падрыхтаваў святочны тэматычны эфір. Гераінямі і гасцямі шматлікіх публіцыстычных, музычных і літаратурных праграм стануць таленавітыя жанчыны нацыянальнай і сусветнай культуры, імёны якіх добра вядомыя многім. Эфір “Культуры” дапаможа адкрыць невядомыя старонкі творчых біяграфій і па-новаму спрычыніцца да спадчыны славутых асоб.

Святкаванні пачнуцца суботнім ранкам, калі ў эфір выйдзе праграма “Паэтычная раніца”, якая прапануе вершы паэтэсы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раісы Баравіковай. Праект “Паэзія ХХІ стагоддзя” пазнаёміць з вершаваным словам паэтэсы Насты Кудасавай. Пра адданасць музычнаму мастацтву, служэнне традыцыям Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы раскажа галоўны дырыжор калектыву Вольга Янум у праграме “Натхнёныя музыкай”.

Перадача “Музычны радыётэатр” у суботнім вячэрнім эфіры прапануе прэм’еру канала “Культура”. Прагучыць першая частка оперы Жоржа Бізэ “Кармэн” з удзелам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Аксаны Волкавай у галоўнай ролі. Запіс зроблены Белтэлерадыёкампаніяй у снежні мінулага года падчас Х Мінскага міжнароднага каляднага опернага форуму.

“Мы хочам стварыць сапраўднае свята для нашых слухачоў, прыхільнікаў розных відаў і жанраў мастацтва!" – адзначае дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок. – "Эфірная акцыя стане своеасаблівай одай жанчыне. Нашы трансляцыі, запісы і размовы пакажуць шырокі спектр талентаў жанчыны-творцы, жанчыны-кіраўніка, жанчыны-маці… Спадзяюся, выхадныя, праведзеныя на канале “Культура”, не толькі падораць добрыя ўражанні, а і натхняць многіх, у тым ліку творчых суайчынніц, на новыя творчыя дасягненні”.

Нядзельны святочны эфір адкрые радыёкампазіцыя паводле вершаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Яўгеніі Янішчыц з фондаў Беларускага радыё. Паэтычную хвалю падтрымае чарговая нізка сучасных вершаў Насты Кудасавай, запісаная для праекта “Паэзія ХХІ стагоддзя”.

Праграма “Сентыментальнае падарожжа”, прысвечаная Году малой радзімы, запрашае ва ўяўную вандроўку ў дзяцінства загадчыцы кафедры праграмнага забеспячэння інфармацыйных тэхналогій БДУІР, кандыдата тэхнічных навук, дацэнта Наталлі Лапіцкай.

Святочную эстафету канала “Культура”, прысвечаную Дню жанчын, працягне праект “Вялікая студыя”, у якім прагучыць канцэртная праграма, запісаная пры ўдзеле Сімфанічнага аркестра, акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі і салістаў. Рэпертуар складзены з папулярных песень беларускіх і савецкіх кампазітараў, прысвечаных жанчыне, вясне і каханню. Дырыжор – Аляксандр Сасноўскі. Перадача “Натхнёныя музыкай” у святочны дзень выйдзе пад знакам 95-годдзя з дня нараджэння славутай беларускай спявачкі, педагога, народнай артысткі Беларусі і народнай артысткі СССР Тамары Ніжнікавай.

Папулярны дзённы праект выхаднога дня “Арт-пікнік” у нядзелю будзе складзены з узораў розных музычных жанраў. У першую частку ўвойдуць запісы французскай опернай спявачкі і дырыжора Наталі Штуцман. Затым слухачы пачуюць голас брытанскай спявачкі, камандора ордэна Брытанскай імперыі Шырлі Бэсі.

Госцяй праграмы “Беларуская этнафонія” стане вядомая актрыса, народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель. Яна вядома таксама і як выдатная выканаўца песень. Запісы артысткі ўпрыгожаць эфір “Культуры”.

Радыёверсія тэлепраграмы “Суразмоўцы”, якая выходзіць па нядзелях, таксама падтрымае святочны настрой. Госцяй паэта, публіцыста і журналіста Навума Гальпяровіча стане дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

Святочны вячэрні эфір канала “Культура” парадуе аматараў рэтра-мелодый і айчыннай літаратуры. Праект “Настальжы” прапануе запісы славутых замежных спявачак Мэрылін Манро, Арэты Франклін, Ціны Цёрнэр, Эдзіт Піяф і Ганны Герман. У “Літаратурных гісторыях” прагучыць апавяданне айчыннай пісьменніцы, заслужанай работніцы культуры Беларусі Алены Васілевіч “Інтэрв’ю”.

Канал “Культура” Беларускага радыё папулярызуе нацыянальныя і сусветныя мастацкія здабыткі з 2002 года.