У Мінску паказалі стужку Андрэя Куцілы, якая ўзяла прыз на кінафестывалі ў Амстэрдаме

16.01.2019

У адным са сталічных кінатэатраў адбыўся прагляд фільма Андрэя Куцілы “Сума”. Стужка выйшла летась. Яна распавядае пра гісторыю сяброўства старога польскага мастака Анджэя Струмілы і маладой беларускай мастачкі Марыі. Па словах рэжысёра, фільм – па-за палітычным і сацыяльным кантэкстам.  “Сума” ‒ пра адносіны, жыццё і мастацтва.

Сцэнарый спачатку быў надрукаваны ў альманаху “Маналог” і толькі потым увасобіўся на экране. Аўтар сцэнарыя ‒ мастацтвазнаўца, галерыст, ініцыятар шматлікіх культурных праектаў Таццяна Бембель.

Фільм “Сума” прызналі найлепшым сярэднім метрам на фестывалі дакументальнага кіно IDFA ў Амстэрдаме. Гэта не адзіны поспех рэжысёра. Творца зняў больш за 10 дакументальных стужак, прэм’еры якіх адбыліся на міжнародных кінафестывалях. Фільмы Андрэя Куцілы неаднаразова ўдзельнічалі ў праграме мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, дзе атрымлівалі ўзнагароды.

Фота: onliner.by