Уплыў УНОВІС'а на сусветную культуру абмяркуюць на міжнароднай канферэнцыі ў Віцебску

11.02.2020

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная спадчыне аб'яднання УНОВІС, – адна з галоўных падзей праекта #UNOVIS100 – пройдзе ў Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча 12 і 13 лютага. На форуме прааналізуюць гісторыю і дзейнасць УНОВІС'а, узаемаўплыў творчага аб'яднання і сусветных мастацкіх школ першай трэці ХХ стагоддзя. 

Для ўдзелу ў мерапрыемстве ў Віцебск упершыню прыедуць унучатыя пляменнікі Казіміра Малевіча – Івона Малевіч, Станіслаў і Аляксандра Багданавы, праўнучка Лазара Лісіцкага Валерыя Лісіцкая. Сярод удзельнікаў таксама вядучыя даследчыкі гісторыі рускага авангарда з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, куратар рускага мастацтва Музея Ван Абэ ў Эйндхавене Вілем Ян Рэндэрс, супрацоўнікі Гарадскога музея Амстэрдама, беларускіх універсітэтаў і музеяў.

Яшчэ адно яркае мерапрыемства праекта #UNOVIS100 – пяцігадзінны вячэрне-начны перформанс SupremШторм. 14 лютага ў канцэртнай зале "Віцебск" выступяць мастакі, дызайнеры, музыканты, дыджэі, паэты, акцёры, кінарэжысёры. Раніцай у гэты дзень у Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча пройдзе цырымонія гашэння мастацкага маркіраванага канверта, выпушчанага "Белпоштай" спецыяльна да юбілею аб'яднання.

Фота: Ars Communications Minsk