"Вобразы мілыя роднага краю...": выстава акварэлей і графікі Аляксандра Лакоткі адкрылася ў Гістарычным музеі

11.03.2021

У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава акварэльных і графічных работ доктара архітэктуры Аляксандра Лакоткі. Вывучаючы гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, ён шмат гадоў падарожнічаў па краіне і стварыў не адну серыю замалёвак. Любімыя тэмы мастака – прырода і помнікі дойлідства. Наведвальнікі ўбачыць касцёл у Дудах Іўеўскага раёна і ракаўскі касцёл, Гервяты, Дзятлава, Свір і іншыя мястэчкі і храмы. Адметнасць твораў аўтара – ён паказвае беларускую прыроду ў яркіх колерах, нягледзячы на тое, што звычайна пра яе кажуць як някідкую. 

Аляксандр Лакотка – архітэктар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар гістарычных навук і архітэктуры. Ён адзін з аўтараў праекта Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, таксама распрацаваў канцэпцыю феномена беларускай архітэктуры як сінтэзу будаўнічага мастацтва Усходу і Захаду Еўропы. Свой першы архітэктурны накід зрабіў у 1970-я у Санкт-Пецярбургу, дзе праходзіў практыку па выяўленчым мастацтве. Але больш важным і цікавым даследчык лічыць занатаванне не сусветна вядомых помнікаў і краявідаў, якія адлюстраваны ў работах творцаў ўжо безліч разоў – а беларускіх, бо ім дагэтуль не хапае належнай увагі. Сваімі ўражаннямі ад выставы дзеліцца мастацтвазнаўца Барыс Лазука. 

Фота: belta.by