"А вы не з Віцебска?" Выстава па матывах творчасці Марка Шагала

06.06.2022

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць выставу "А вы не з Віцебска?". Яна прымеркавана да 135-годдзя вядомага мастака Марка Шагала. Адносіны Марка Шагала і Віцебска – вельмі кранальная тэма. Горад на Дзвіне стаў для мастака згубленай радзімай, аб якой ён усё жыццё ўзгадваў, але куды так і не вярнуўся. Гэтыя ўспаміны трывожылі яго тонкую душу і запаўнялі яе мастацкімі вобразамі, дапамагалі ствараць, вяртацца ў сваю маладосць і чэрпаць адтуль сілы. Застаючыся верным свайму ўласнаму мастацкаму стылю, Марк Шагал усё жыццё эксперыментаваў у розных тэхніках і жанрах. У яго творчай спадчыне – кніжныя ілюстрацыі, графіка, сцэнаграфія, мазаіка, вітражы, шпалеры, скульптура, кераміка. А вось маляваных дываноў, своеасаблівага мастацкага "брэнда" Віцебшчыны, у калекцыі твораў мастака чамусьці няма. Але спроба была: яго ўласнаручны накід маляванкі "Пара за сталом", датаваны 1911 годам. На выставе прадстаўлены маляванкі, выкананыя мастачкамі з розных куткоў Віцебшчыны і Міншчыны па матывах творчасці Шагала. Гэтыя сюжэты падказаныя паэтыкай мастака і іншых творчых перастварэнняў. Расказала вядучы навуковы супрацоўнік музея Ірына Князева.

Таленавіты майстра пакінуў след і ў літаратуры: паэзія, эсэ і мемуары яшчэ пры жыцці былі апублікаваныя і перакладзеныя на іўрыт, рускую, беларускую, англійскую і французскую мовы. "Сусветную славу займела аўтабіяграфічная кніга Шагала "Маё жыццё", - адзначыла загадчык аддзела музея Валянціна Кароткіна.

Фота - dubrovno.by