Вялікі тэатр Беларусі адкрыў сезон прэм'ерай балета "Пер Гюнт"

08.09.2020

Вялікі тэатр Беларусі адкрыў 88-мы сезон прэм'ерай – балетам на музыку Эдварда Грыга "Пер Гюнт". У аснове сюжэта – драматычная паэма Генрыка Ібсена, створаная ў 1867 годзе. Сюжэт і ў нашы дні застаецца неразгаданым і таму прыцягвае ўвагу. З аднаго боку – казачная гісторыя, з другога – дух сюррэалізму, неадназначныя, дзіўныя персанажы. А ў цэнтры – шлях галоўнага героя.

Балетмайстар-пастаноўшчык новага спектакля – лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі Сяргей Мікель.

Вялікіх выдаткаў часу і сіл патрабуе падрыхтоўка сцэнаграфіі, дэкарацый і касцюмаў. Нават тое, што, здавалася б, не відаць з глядацкай залы, прадумваецца да дробязей. Выдаткоўваюцца сотні метраў тканіны, падбіраецца кожны гузік. У прэм'ернай пастаноўцы таксама выкарыстаны лічбавыя тэхналогіі. Усім гэтым займалася мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава.

За паўтара стагоддзя гісторыя Пер Гюнта ўвасоблена на сцэне драматычнага тэатра, у кінематографе, анімацыі і музычным тэатры. Прэм'еру ў Вялікім тэатры Беларусi можна ўбачыць таксама заўтра, 9 верасня.

Фота: bolshoibelarus.by