Выстава памяці Арлена Кашкурэвіча адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі

28.07.2020

Да 90-годдзя Арлена Кашкурэвіча Нацыянальны мастацкі музей зладзіў выставу памяці майстра. У мемарыяльнай экспазіцыі – адметныя работы, якія прынеслі прызнанне мастаку. Афорты, літаграфіі, лінагравюры, акварэлі, малюнкі тушшу – больш за сотню работ – ад ранніх да апошніх.

Адкрываюць выставу ілюстрацыі да рамана “Атамная станцыя” нобелеўскага лаўрэата Халдара Лакснэса. Гэта дыпломная работа графіка. Пазней аўтар кнігі прызнаў афармленне Арлена Кашкурэвіча найлепшым у свеце. 

Большасць экспанатаў – з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Але ёсць і невядомыя раней работы. Некаторымі творамі падзялілася сям’я Арлена Кашкурэвіча, а каштоўнасці з Дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва – сюрпрыз нават для родных.

Рукамі Арлена Кашкурэвіча аздобленыя больш за 200 кніг айчынных і замежных аўтараў. Гётэўскі “Фаўст”, купалаўскі “Курган” і айтматаўскі “Буранны паўстанак” – толькі дробная частка багатай спадчыны майстра.

Пра іншыя знакавыя творы і постаці майстра расказвае куратар, навуковы супрацоўнік Святлана Ржэуцкая. 

Творы народнага мастака Беларусі дэманструюцца да 30 жніўня.

Фота: kimpress.by