17.06.2016 Канал "Культура" абвяшчае фотаконкурс "Лета ў горадзе"

 

 

 

 Палажэнне "Аб правядзенні адкрытага конкурсу актуальных фатаграфій на тэму «Лета ў горадзе»".

Канал “Культура” Беларускага радыё праводзіць фотаконкурс “Лета ў горадзе”. Творчае спаборніцтва накіравана на папулярызацыю культурнага летняга адпачынку і баўлення вольнага часу ў родным горадзе, развіццё мастацкага густу і стымуляванне творчых здольнасцей у слухачоў, падтрымку традыцый фотамастацтва, а таксама на далучэнне ўдзельнікаў конкурсу да радыёканала “Культура” сродкамі фотамастацтва.

Фотаздымкі высокай якасці прымаюцца да 31 жніўня 2016 года. Змест конкурсных работ павінен адпавядаць тэме конкурсу, дэманстраваць эстэтычны бок баўлення вольнага часу ў горадзе.

Конкурсныя здымкі ацэньваюцца па 2 катэгорыях: рашэнне прафесіяналаў (аўтарытэтных спецыялістаў у галіне фатаграфіі, мастацтвазнаўцаў, супрацоўнікаў канала “Культура”), а таксама глядацкае галасаванне. Крытэрыі адбору: адпаведнасць заяўленай тэме, арыгінальны сюжэт, нестандартнае творчае мысленне, крэатыўнасць. Работы, якія прайшлі папярэдні адбор, размяшчаюцца на сайце канала “Культура” www.radiokultura.by.

Удзельнікамі фотаконкурсу могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь і краін замежжа, незалежна ад узросту і адукацыі. Колькасць конкурсных работ не абмежаваная.

Удзельнік, які дасылае фотаздымкі, тым самым пацвярджае, што згодны з умовамі конкурсу, і дазваляе далейшае выкарыстанне фатаграфій на безганарарнай аснове па вырашэнні арганізатара. Да ўдзелу ў конкурсе не прымаюцца фотаздымкі, якія не адпавядаюць патрабаванням.

Конкурсныя работы трэба накіроўваць па электроннай пошце арганізатара radiokulturaby@gmail.com з пазнакай “Фотаконкурс”. У заяўцы ўказваюцца імя, прозвішча, кантакты аўтара і невялікі суправаджальны тэкст пра дату, месца і падзею, падчас якой створаны фотаздымкі.

Па выніках конкурсу ў кожнай катэгорыі ўручаецца Гран-пры. Па рашэнні прафесіяналаў таксама даюцца дыпломы за I, II і III месцы. Журы пакідае за сабой права ўводзіць дадатковыя прызы або не называць пераможцу, калі ніводная з работ не адпавядае ўзроўню, умовам і патрабаванням конкурсу.

Падвядзенне вынікаў фотаконкурсу адбудзецца ў першай палове верасня 2016 года.

Кантактную інфармацыю пра конкурс можна атрымаць па тэлефоне рэдакцыі (017) 284 45 01, а таксама праз электронную пошту kultura_br@tvr.by.

Запрашаем да ўдзелу!