Пачынаем новы вышчальны сезон!

30.09.2019 

1 кастрычніка канал «Культура» пачынае новы вяшчальны сезон. У эфірнай сетцы застануцца найбольш значныя для канала праекты, сярод якіх – культуразнаўчыя “Дыялогі пра культуру” і “Культурныя скрыжаванні”, музычныя “Канцэртная зала”, “Музычны радыётэатр”, штодзённы дзіцячы блок “Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя”. Некаторыя праграмы зменяць напаўненне і хронаметраж. З’явяцца таксама новыя праекты, асноўная частка якіх прысвечана літаратуры (“Кнігалюбу”, “Запрашаем у кнігарню”, “Паэзія ХХІ стагоддзя”, “Літаратурныя гісторыі”). Для дзіцячай аўдыторыі менавіта на канале “Культура” будзе выходзіць “Вячэрняя казка”, якая раней гучала на хвалях Першага нацыянальнага канала.

“Пачатак сезона для творчай каманды радыё – асаблівы перыяд”, – гаворыць дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок. “Гэта адказны час, калі мы хвалюемся, як слухачы прымуць нашы новыя праграмы, ці здолеем мы прывабіць большую колькасць аўдыторыі. Разам з тым, гэта магчымасць зрабіць вяшчанне больш напоўненым, удасканаленым і цікавым. Для супрацоўнікаў, якія рыхтуюць прэм’еры, гэта шанц адкрыць новыя прафесійныя грані, паспрабаваць і зарэкамендаваць сябе ў іншых жанрах і якасцях. А яшчэ гэта свята, якое варта адзначыць запамінальна. З нагоды пачатку вяшчальнага сезона мы падрыхтавалі прэм’еру! 1 кастрычніка ў 19 гадзін у праграме “Канцэртная зала” ўпершыню прагучыць сімфанічная сюіта “Мюнхаўзен-шоу”. Твор напісаны кампазітарам Аляксандрам Літвіноўскім спецыяльна для сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі” – адзначыў кіраўнік канала.

Сюіта заснавана на тэатральнай музыцы кампазітара. У ёй 11 частак, кожная з якіх – своеасаблівая  метафара, эпізод з жыцця легендарнага і эксцэнтрычнага барона Мюнхаўзена, дзе драматычныя падзеі мудрагеліста пераплятаюцца з фантазіямі галоўнага героя. Часткі называюцца: "Гісторыя пачынаецца", "Вярхом на ядры", "Цудоўная ружа садоўніка", "Марш у сонечны дзень", "Адзін супраць тысячы", "Нешта злое набліжаецца", "Звычайныя цуды", "Фінальны адлік", "Нябёсы ведаюць", "Зноў прыгода", "Падарожжа на Месяц". 

“Выкананне твора “Мюнхаўзен-шоу” мы прысвячаем як пачатку новага вяшчальнага сезона, так і Міжнароднаму дню музыкі, што адзначаецца 1 кастрычніка”, – адзначае Уладзімір Трапянок. Паводле яго слоў, новы твор папоўніць фонды Беларускага радыё і Еўрапейскага вяшчальнага саюза.