Выстава твораў Шрагі Царфіна адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі

06.12.2019

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава твораў Шрагі Царфіна – мастака Парыжскай школы. У экспазіцыі больш за 50 работ – тры карціны з фондаў музея, астатнія – з прыватных збораў. Па словах арганізатараў, сабраць творы ў адной экспазіцыі было няпроста. Пасля выставы яны зноў разыдуцца па прыватных калекцыях, і невядома, ці будуць калі-небудзь зноў сабраны ў рамках аднаго праекта. Працягвае куратар выставы Юрый Абдурахманаў.

Шрага Царфін нарадзіўся ў Смілавічах, з'ехаў з роднага горада ў 14 гадоў і больш у нашу краіну не вяртаўся. Адна з галоўных тэм у яго творчасці – пейзажы Францыі, якая стала творцу другой радзімай. Некаторыя работы паказваюць сельскае жыццё, ёсць нацюрморты. На адкрыццё экспазіцыі ў Мінску з Францыі прыляцеў унук мастака Іў Дзюлак.

Па словах арганізатараў, адна з мэт выставачнага праекта Шрага Царфін. Той, які вядзе да святла – шляхам паказу мастацтва аб'яднаць розных людзей у нашай краіне і за яе межамі. "Шрага Царфін стаў грамадзянінам свету, - адзначае прадстаўнік прыватнай кампаніі, якая дапамагла зладзіць выставу. – Таму яго творчасць увасабляе культурныя сувязі, што ўсталяваліся паміж беларускім і замежным мастацтвам”.

Фота: belta.by