Юныя скрыпачы са Швейцарыі выканаюць шэдэўры класічнай музыкі ў сталічным Верхнім горадзе

04.02.2020

Сёння ў канцэртнай зале "Верхні горад" прагучыць канцэрт "Юныя альпійскія віртуозы - 2". Вучні Школы музыкі імя Захара Брона выканаюць шэдэўры класічнай музыкі ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра музычнай капэлы "Sonorus" пад кіраўніцтвам дырыжора Мурада Асуіла.

Адзін з удзельнікаў канцэрта  юны піяніст, лаўрэат нацыянальных і міжнародных конкурсаў у Германіі і Італіі Дан Бланк. "Прафесар Захар Брон – жывая легенда ў свеце класічнай музыкі, настаўнік Максіма Венгерава, Вадзіма Рэпіна, Дэвіда Гарэта і іншых скрыпачоў сусветнага класа, вучыцца ў яго школе – вялікая адказнасць", – расказаў маленькі музыкант.

На канцэрце прагучаць творы Вольфганга Амадэя Моцарта, Каміля Сен-Санса, Генрыка Веняўскага і іншых кампазітараў.

Фота: schwingen.net