У Беларусі пачаліся Тыдні Германіі

10.03.2020

Сёння ў Беларусі пачаліся Тыдні Германіі. Традыцыйна на працягу 17 гадоў яны праводзяцца пасольствам ФРГ сумесна з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску і прадстаўнікамі нямецкіх і беларускіх культурных арганізацый. Сёлета ўпершыню яны пройдуць вясной, а не восенню – 10 сакавіка па 30 красавіка – і пазнаёмяць жыхароў Беларусі з нямецкай культурай і мовай.

“Шляхі нямецкага мастацтва”– экспазіцыя пад такой назвай адкрывае Тыдні Германіі ў Палацы мастацтва. Выстава ахоплівае 60 гадоў развіцця сучаснага мастацтва Усходняй і Заходняй Еўропы, на ёй прадстаўлены жывапіс, графіка, відэа, скульптура і інсталяцыі – усяго каля 400 работ і амаль 100 мастакоў. Арганізатар вернісажаў – Інстытут імя Гетэ. Узначальвае яго Якаб Рачак.

У праграме Тыдняў Германіі – шмат іншых мерапрыемстваў: канцэрты і выставы, майстар-класы, сустрэчы з пісьменнікамі і мастацтвазнаўцамі. Нямала творчых мерапрыемстваў і інтэрактыўных акцый пройдзе не толькі ў сталіцы, але і ў Брэсце, Баранавічах, Барысаве і Маладзечне.

Фота: sb.by