Запрашаем на чацвёртую сустрэчу ў межах святочнага праекта “Радыё: на хвалі мастацтва”

12.03.2020 

Святочны праект да 95-гадовага юбілею айчыннага вяшчання “Радыё: на хвалі мастацтва” працягваецца. Чарговая сустрэча адбудзецца 12 сакавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы а 19-й.

Тэмай чацвёртай вечарыны стане дзейнасць Беларускага радыё ў 1950-я гады - час няспыннага развіцця, засваення новых жанраў, зместавага ўзбагачэння, тэхнічнага ўдасканалення і актыўнага стварэння радыёфанатэкі.

Падчас сустрэчы наведвальнікі пачуюць унікальныя архіўныя запісы, сярод якіх выступленні народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і вядомага рускага савецкага паэта Канстанціна Сіманава на ІІІ з’ездзе беларускіх пісьменнікаў, аповеды Янкі Брыля пра яго новыя творы і сустрэчы з кнігай у дзяцінстве. Прагучаць успаміны былога рэдактара музычнай рэдакцыі Беларускага радыё Лізаветы Ткачовай пра вяшчанне ў 1950-я гады. Мастацкім фондавым аздабленнем вечарыны стануць фрагменты літаратурна-драматычнага і музычнага вяшчання сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Запрашэнне на ўдзел у вечарыне атрымалі народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, унучка Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыя Міцкевіч, былы дыктар радыё і тэлебачання Кацярына Ягорава, а таксама музычны рэдактар Беларускага радыё Людміла Мітаковіч. Гледачы пачуюць іх асабістыя гісторыі, звязаныя з радыё і служэннем яму.

Інтэрактыўная сустрэча завершыцца, як звычайна, музычным падарункам. На гэты раз перад прысутнымі з апрацоўкамі народных песень выступіць квінтэт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча.

Падчас вечарыны будзе весціся запіс для радыёверсіі, якая прагучыць на канале “Культура” Беларускага радыё 30 сакавіка ў праграме “Канцэртная зала”.

Нагадаем, інтэрактыўны праект “Радыё: на хвалі мастацтва” стартаваў у снежні 2019 года і працягнецца да сёлетняга лістапада, калі Беларускае радыё адзначыць 95-годдзе.