Супрацоўнікі канала "Культура" павіншуюць з Сусветным днём паэзіі

19.03.2020 

Суботні эфір канала “Культура” Беларускага радыё пройдзе пад знакам Сусветнага дня паэзіі. На працягу сутак 21 сакавіка будуць выходзіць вершы беларускіх і замежных паэтаў па-беларуску ў выкананні супрацоўнікаў канала.

– Безумоўна, канал “Культура” не мог абысці ў сваёй эфірнай палітыцы гэтага дня, бо адна з асноўных задач нашага радыё – знаёмства з творамі класічнай і сучаснай літаратуры, як нашай айчыннай, так і сусветнай, – адзначае намеснік дырэктара - загадчык аддзела літаратурна-мастацкіх і музычных праграм канала “Культура”, паэт, публіцыст Навум Гальпяровіч. – Аўтараў, творы якіх прагучаць у эфіры, выбіралі самі супрацоўнікі радыё, і ў іх выкананні слухачы пачуюць паэзію Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Анатоля Сыса, Марыны Цвятаевай, Жака Прэвэра і іншых.

Святочны дзень адкрые праграма “Паэтычная раніца”, якая прапануе радыёкампазіцыю паводле вершаў Янкі Сіпакова. Пазней у праекце “Паэзія ХХІ стагоддзя” возьме ўдзел паэт, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі за 2019 год Мікола Маляўка.

У напаўненні іншых праграм канала “Культура” будуць выкарыстаны паэтычныя радкі творцаў розных пакаленняў. Агульная атмасфера эфіру будзе напоўнена паэзіяй вясны і кахання.

Канал “Культура” ўдзяляе вялікую ўвагу прысутнасці літаратуры ў сваім эфіры. Для прыхільнікаў прозы ў праграмах “Літаратурная анталогія” і “Радыёбібліятэка” гучаць літаратурныя серыялы. Творы кароткай формы выкарыстоўваюцца ў праектах “Літаратурныя гісторыі”, “Паэтычная раніца”. Аматарам тэатра “Культура” прапануе перадачы “Радыётэатр плюс” і “Радыётэатр. Лепшае”.