6 і 7 чэрвеня канал "Культура" да 70-годдзя драматурга Аляксея Дударава прадстаўляе цыкл перадач розных жанраў

02.06.2020 

6 і 7 чэрвеня канал "Культура" Беларускага радыё да 70-годдзя драматурга, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Аляксея Дударава прадстаўляе цыкл перадач розных жанраў.

Аматары тэатра перад мікрафонам у суботняй праграме "Радыётэатр. Лепшае" ў 10:30 пачуюць першую і другую часткі радыёверсіі спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Парог" паводле аднайменнай п’есы драматурга. Спектакль у пастаноўцы Валерыя Раеўскага ўпрыгожваў афішу Купалаўскага тэатра ў 1980-ыя гады. Радыёзапіс зафіксаваў галасы славутых прафесійных акцёраў Беларусі - Галіны Макаравай, Барыса Уладамірскага, Арнольда Памазана, Валерыя Філатава, Галіны Фёдаравай, Георгія Маляўскага і іншых.

Дарэчы, у архіве праграмы “Радыётэатр. Лепшае” на нашым сайце www.radiokultura.by даступны радыёверсіі спектакляў “Вечар” і “Радавыя” па аднайменных п’есах Аляксея Дударава.

У нядзельным эфіры канала "Культура" слухачоў чакаюць радыёсустрэчы з юбілярам. Праект Наталлі Сіроткі "Сентыментальнае падарожжа" ў 10:05 прапануе ўспаміны Аляксея Ануфрыевіча пра дзіцячыя гады, час творчага станаўлення і выхавання. Развагі пра жыццё і творчасць драматурга прагучаць у 17:15 у радыёверсіі тэлеперадачы "Суразмоўцы" з Навумам Гальпяровічам.

Нагадаем, летась канал "Культура" стварыў радыёверсію спектакля "Чорная панна Нясвіжа" паводле аднайменнай п’есы Аляксея Дударава. Пастаноўка Валерыя Раеўскага з 2000 года ідзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і па-ранейшаму збірае поўныя залы. У радыётворы Аляксей Ануфрыевіч выступіў у ролі ад аўтара.

 
Выява: Аляксеў Дудараў у студыі "Культуры" абмяркоўвае радыёверсію спектакля "Чорная панна Нясвіжа". Злева направа: Уладзімір Трапянок, Ліка Пташук, Аляксей Дудараў, Наталля Сіротка