Прэм'ерны выпуск праекта “Маладая музыка Беларусі” выйдзе 27 ліпеня

23.07.2020 

Канал “Культура” Беларускага радыё працягвае радаваць сваіх прыхільнікаў прэм’ерамі. Чарговая адрасавана аматарам сучаснага музычнага мастацтва. У панядзелак, 27 ліпеня, у вячэрнім эфіры ў межах праграмы “Канцэртная зала” прагучыць першы выпуск праекта “Маладая музыка Беларусі”.

- Ідэя праекта з’явілася ў выніку супрацоўніцтва з Еўрапейскім вяшчальным саюзам, – адзначае дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок. – Белтэлерадыёкампанія, якая ўваходзіць у ЕВС, дае ўнікальную магчымасць нашым слухачам і гледачам далучацца да трансляцый еўрапейскіх канцэртаў папулярнай і акадэмічнай музыкі. У прыватнасці, у эфіры “Культуры” выступленні сімфанічных аркестраў і фальклорных калектываў, запісаныя на шматлікіх пляцоўках кантынента, транслююцца ў папулярных праграмах “Канцэртная зала” і “Арт-пікнік”. У сваю чаргу, мы хочам пазнаёміць заходняга слухача з працэсамі, якія вызначаюць развіццё беларускай музыкі на сучасным этапе. Раней еўрапейцы чулі запісы нашага фальклору і народнай песні. У пачатку гэтага года ў абменны фонд ЕВС паступіў канцэрт з опусаў знакамітага айчыннага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага. А новы праект прапануе творы маладых кампазітараў-сімфаністаў. Дарэчы, спачатку канцэрты з Вялікай студыі Дома радыё пачуюць нашы слухачы, затым праграмы адправім у абменны фонд ЕВС.

У выпуску прагучаць творы выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класах кампазіцыі і аргана, члена Беларускага саюза кампазітараў, лаўрэата міжнароднага конкурсу арганістаў Вольгі Падгайскай. Яе творчасць вызначаюць арыгінальны аўтарскі падыход, непараўнальная вобразнасць і моцнае ўздзеянне на слухача. Музыку кампазітара выканаў Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжораў Уладзіміра Авадка і Юрыя Караваева, галоўны дырыжор калектыву – Аляксандр Сасноўскі.

Пасля радыётрансляцыі запіс будзе даступны на працягу месяца ў архіве “Канцэртнай залы” на сайце канала “Культура” www.radiokultura.by.