Канал "Культура" аб'яўляе інтэрактыўны конкурс да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча "Быў. Ёсць. Буду"

05.08.2020 

Канал "Культура" Беларускага радыё дае магчымасць прагучаць з любімымі творамі Уладзіміра Караткевіча – з 10-га жніўня стартуе інтэрактыўны конкурс чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду"

Навіны па тэме: ПАЛАЖЭННЕ

Праект прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння класіка айчыннай літаратуры і 95-годдзю Беларускага радыё. Жадаючым неабходна да 30-га верасня даслаць на электронную пошту kultura_konkurs@radio.tvr.by аўдыя- ці відэафайл з чытаннем любімага верша.

Фіналістаў адбору вызначыць у кастрычніку прафесійнае журы. Акрамя гэтага, галасаванне за лепшых чытальнікаў вершаў Уладзіміра Караткевіча пройдзе ў інтэрнэце.

"Творчасць нашага класіка Уладзіміра Сямёнавіча прыцягвае ўвагу чытачоў самых розных узростаў. Таму мы не абмяжоўваем удзельнікаў: гэта могуць быць і школьнікі малодшых класаў, і прафесійныя акцёры, і аматары. Усе ўмовы правядзення творчага спаборніцтва можна знайсці на сайце www.radiokultura.by. Там змешчаны палажэнне і заяўка на ўдзел", – адзначае дырэктар канала "Культура" Уладзімір Трапянок.

«У выніку конкурсу нашы слухачы могуць яшчэ раз акунуцца ў прыгожы і рамантычны свет вершаў цудоўнага паэта. Адчуць усю прыгажосць нашай роднай мовы і вялікі патрыятычны напал, які ўласцівы для кожнага радка Уладзіміра Караткевіча", – дадае намеснік дырэктара канала "Культура", пісьменнік Навум Гальпяровіч.

Лепшыя выканаўцы прагучаць у эфіры ў дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча – 26-га лістапада, а таксама атрымаюць памятныя прызы ад канала "Культура".