Пра жыццё і творчасць братоў Грым расказвае часовая экспазіцыя ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры

31.08.2020

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Браты Грым. Жыццё і творчасць”, якая стала вынікам супрацоўніцтва музея і Навуковага таварыства братоў Грым у горадзе Каселі (Германія).

Браты Грым – Вільгельм і Якаб  – нямецкія пісьменнікі і мовазнаўцы, члены Берлінскай Акадэміі навук, вядомыя ва ўсім свеце найперш як збіральнікі і ўкладальнікі зборнікаў нямецкіх казак. Апроч гэтага, даследаванні братоў Грым старажытнанямецкай мовы не толькі паклалі пачатак германістыцы, але і аказалі ўплыў на еўрапейскую філалогію ў цэлым.

Адным з галоўных кірункаў іх дзейнасці быў збор паданняў, міфаў і народных казак, якія яны перапрацавалі ў зборнікі казак. Якаб і Вільгельм Грым былі не першымі, хто запісваў і апрацоўваў фальклорныя апавяданні, але з іх пачынаецца сістэматычнае збіранне “паэзіі народа” – казак, паданняў, легендаў, песень. Зборнікі іх казак сталі класікай і былі перакладзены на шматлікія мовы свету. Паступова набыўшы папулярнасць, яны з часам увайшлі ў скарбніцу сусветнай літаратуры, зрабіліся крыніцай натхнення для мноства пісьменнікаў і мастакоў, у тым ліку беларускіх.

Расказвае загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Вольга Гулева.

Фота: facebook.com/bellitmuseum