Канцэрт і прэзентацыя кнігі да 255-годдзя Міхала Клеафаса Агінскага адбудуцца ў сталічнай філармоніі

25.09.2020

Сёння на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца канцэрт, прысвечаны юбілею кампазітара, дыпламата, грамадскага дзеяча Міхала Агінскага. Падчас імпрэзы прэзентуюць альбом “Адраджэнне і вяртанне. Да 255-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага”. Выданне падрыхтавалі Нацыянальны гістарычны музей, маладзечанскі Дабрачынны фонд кампазітара і іншыя культурныя арганізацыі. Расказвае ініцыятар праекта, дырэктар маладзечанскага Музычнага каледжа імя Міхала Агінскага Рыгор Сарока.

Рыгор Сарока шмат гадоў прысвяціў асобе Міхала Агінскага. Сярод яго ініцыятыў – усталяванне памятнай дошкі ў Фларэнцыі (дзе пайшоў з жыцця кампазітар), помніка ў Маладзечне, стварэнне нот і партытур і многае іншае. Напрыклад, да 250-годдзя творцы была напісана опера "Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт" (кампазітар Алег Залётнеў, аўтар лібрэта – Сяргей Макарэй).

На сённяшнім канцэрце выступяць Дзяржаўны камерны хор Беларусі і квінтэт “Амелія” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Музыканты ўжывую сустрэнуцца ўпершыню, раней – па розных прычынах, у тым ліку эпідэміялагічных  кантактавалі толькі па электроннай сувязі. "Чакаецца пэўная імправізацыя, што цалкам у духу часу Міхала Агінскага, калі музыка перакладалася для розных саставаў калектываў", – адзначыла галоўны дырыжор камернага хору, заслужаная артыстка Беларусі Наталля Міхайлава. Дарэчы, у Міхала Агінскага няма твораў для хору, таму ёй давялося самой адаптаваць рамансы кампазітара.

Фота: be-tarask.wikipedia.org