Адзначаем Міжнародны дзень музыкі прэм'ерай сюіты Аляксандра Літвіноўскага Birdman

30.09.2020 

1 кастрычніка канал “Культура” Беларускага радыё адзначыць Міжнародны дзень музыкі прэм’ерай – у праграме “Канцэртная зала” прагучыць сюіта Birdman (“Чалавек-птах”), створаная кампазітарам Аляксандрам Літвіноўскім у 2020 годзе для камернага аркестравага складу.

Партытура сюіты Birdman уражвае празрыстасцю аркестравай фактуры з выразнымі санорнымі акцэнтамі, “тэатралізацыяй” ансамблевых эпізодаў, “артыстычнасцю” інструментальных дыялогаў і сольных рэплік. Твор быццам сатканы з пранікнёных мелодый, у якіх адчуваецца вакальны выток, прыродная спеўнасць і сімвалічная гармонія птушыных перазоваў. У музыцы сюіты чуецца подых старадаўніх англійскіх балад, патрыярхальны дух кранальных музычных традыцый правінцыі, увасоблены англійскі гумар.

“Гэта плён мастацкага пераасэнсавання маёй музыкі, напісанай да тэатральнай пастаноўкі “Мой тата – птах”. Літаратурнай асновай спектакля стала аднайменная кніга англійскага пісьменніка Дэвіда Алманда, што стварае светлыя і павучальныя гісторыі ў жанры магічнага рэалізму. Такія прыпавесці, у якіх дэталі будзённага жыцця працінае бязмежная фантазія, падабаюцца шматлікай аўдыторыі, падштурхоўваюць да роздумаў”, – расказаў Аляксандр Літвіноўскі.

Пасля знаёмства з літаратурнай крыніцай кампазітар абстрагаваўся ад выразнага сюжэта, ад яркіх характараў персанажаў і сродкамі класічных інструментаў увасобіў незалежны вобразны свет з амаль няўлоўнымі алюзіямі на кнігу Дэвіда Алманда.

Вобразны свет музыкі сюіты Birdman спалучае ўяўленні і рэфлексіі, запаволеную плынь эфемерных згадак і тугу па незваротным, простую радасць жыцця і невымернае шчасце чалавека, які набыў крылы, зведаў трывожна-загадкавае прадчуванне палёту і перажыў ні з чым не параўнальнае імгненне вольнага ўзлёту на бязважкай паветранай хвалі. Гукавыя вобразы паслядоўна раскрываюцца ў адзінаццаці частках твора: “Лёгкі як пёрка”, “Крылы і вера”, “Шмат дзіўнага”, “Палятаем разам”, “Месяц-рагалік”, “Выдатная каманда”, “Срэбнае месяцавае святло”, “Успаміны ды мары”, “Вышэй і вышэй”, “Птушыны вальс”, “Сакрэты з пер’ем”.

Прэм’ера сюіты Birdman адбудзецца на канале “Культура” 1 кастрычніка а 19 гадзіне. Выканаўца – Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Аляксандра Сасноўскага. Пераслухаць музычны твор Аляксандра Літвіноўскага можна будзе на сайце канала “Культура” www.radiokultura.by ў аўдыяархіве праграмы “Канцэртная зала”.