Мядзведзі на гіраскутары, тыгры і паветраныя гімнасты – Белдзяржцырк прэзентаваў новую праграму

12.10.2020

Беларускі дзяржаўны цырк прэзентаваў новую праграму "Цыркавы калейдаскоп". У ёй шмат нумароў з жывёламі: на манежы – спрытныя мядзведзі на гіраскутары, малпачка-жанглёр на восліку, вялізныя беласнежныя тыгры. Шмат і паветранай гімнастыкі: выступаюць "гімнастка ў сетцы" Наталля Нарышкіна, Валерыя Шопік на "паветраных палотнах" і група гімнастаў, што выконвае "Паветраны палёт". Уся праграма аб’яднана тэмай ночы ў цырку. Расказвае мастацкі кіраўнік установы Вітаўтас Грыгалюнас.

Праграма з нацыянальным каларытам: пад песні айчынных калектываў працуюць гімнастка Валерыя Шопік у нумары “Паветраныя палотны” і “Беларускія наезнікі на конях”. Касцюмы артыстаў упрыгожаны арнаментам.

Праграма "Цыркавы калейдаскоп" – у адно дзеянне, яе працягласць 90 хвілін. Антракт прыбралі, каб публіка менш кантактавала між сабой. Кіраўніцтва цырку адзначае, што ў зале высакаякасная сістэма вентыляцыі, а ў фае ўсталяваны антысептыкі для рук – так арганізатары клапоцяцца пра бяспеку гледачоў у час пандэміі.

Фота: minsknews.by