Завяршыўся першы этап конкурсу чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду"

13.10.2020

Завяршыўся першы этап конкурсу чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду", прысвечанага 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча і 95-годдзю Беларускага радыё. Арганізатары атрымалі некалькі дзясяткаў заявак з розных населеных пунктаў Беларусі, а таксама з замежжа. "Такая цікавасць да праекта – прыемная, аднак па ўмовах конкурсу ўдзельнічаць могуць толькі жыхары нашай краіны", – расказаў дырэктар канала “Культура” Уладзімір Трапянок.

Большасць чытальнікаў – аматары – удзельнікі творчых студый і калектываў, пераважна 6-ці-13-ці гадоў. Аднак далучыліся і прафесіяналы. Каб усе былі ў роўных умовах, журы не ўбачыць ніводнага ўдзельніка. Работы ацэняць выключна па аўдыястужках. Прагаласаваць за ўпадабанага чытальніка могуць і слухачы, галасы прымаюцца на сайце і старонках канала “Культура” ў сацыяльных сетках да 16 кастрычніка. Асаблівасці выбару матэрыялаў для чытання пракаментаваў намеснік дырэктара, паэт Навум Гальпяровіч.

Пераможцы конкурсу "Быў. Ёсць. Буду" прагучаць у эфіры ў дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча – 26 лістапада, а таксама атрымаюць ад канала "Культура" памятныя прызы.

Фота: binim.org