30.10.2020
31 кастрычніка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ‒ прэм'ера. Спектакль для дзяцей і дарослых “Усе мышы любяць сыр” ‒ па п'есе венгерскага драматурга Дзьюлы Урбана, аўтара папулярнай казкі “Блакітны шчанюк”, якая даўно стала класікай дзіцячай драматургіі і мультыплікацыі. Дарэчы, пісьменнік ведае, што яго твор ажыве на коласаўскай сцэне ў Віцебску. А суботнія казкі набываюць усё большую папулярнасць у дзяцей і іх бацькоў. Расказвае рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, заслужаны артыст Беларусі Вячаслаў Грушаў.
Галоўныя героі казкі “Усе мышы любяць сыр” ‒ два вясёлыя мышаняты. Яны маглі б сябраваць і гора не ведаць, аднак перад імі ўзнікае перашкода: адзін – белага колеру, другі – шэрага. Гэта непакоіць і іх бацькоў, якія спрачаюцца адно з адным і са сваімі дзецьмі. На дапамогу прыходзіць Чараўніца-Кошка. Адчуць чароўную сілу дабра і кахання ў гэтай дзіўнай, амаль шэкспіраўскай гісторыі запрашаюць коласаўскія артысты. Сярод іх ‒ Ніна Обухава.
Фота: kolastheatre.by