15 лістапада канал "Культура" зладзіць марафон пад знакам 95-годдзя Беларускага радыё

12.11.2020 

Канал «Культура» пад знакам 95-годдзя Беларускага радыё зладзіць вялікі марафон, які пачнецца ў эфіры з 8:00 і працягнецца да 21:00. У слухачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй станаўлення і развіцця Беларускага радыё, паўдзельнічаць у абмеркаваннях пра перспектывы радыё, пачуць святочныя канцэрты.
Адкрые святочны эфір 15 лістапада трансляцыя першай творчай сустрэчы, якая адбылася ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы і прысвячалася станаўленню радыёгаліны нашай краіны. Пазней прагучаць запісы наступных музейных сустрэч, прысвечаныя дзейнасці Беларускага радыё ў 1930 – 1950 гады.
На працягу эфірнага дня адбудуцца сустрэчы з любімымі вядучымі канала “Культура” і цікавымі асобамі, чыя творчасць звязана з Беларускім радыё.
На вячэрні час запланавана абмеркаванне ў эфіры сучаснага стану і перспектыў канала “Культура”.
Адбудуцца трансляцыі канцэртаў творчых калектываў Белтэлерадыёкампаніі, якія адначасова выйдуць у эфіры “Культуры” і тэлеканала “Беларусь 3”. Творы айчынных кампазітараў прагучаць у выкананні сімфанічнага аркестра, традыцыі славутага харавога дырыжора Віктара Роўды падтрымае заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі”.
Дарэчы, музыка стане ўпрыгажэннем усяго эфірнага дня. Супрацоўнікі канала “Культура” падрыхтуюць канцэртныя праграмы, у якіх узгадаюць імёны славутых музыкантаў і салістаў Беларускага радыё і тэлебачання. Прагучаць таксама выбраныя літаратурна-драматычныя творы, якія сталі гонарам сучаснага вяшчання канала “Культура”.