У Мінску адкрылася выстава скульптуры Максіма Пятруля – аўтара манументальных работ для мінскага метро

23.11.2020

Скульптар Максім Пятруль прэзентаваў персанальную выставу “Максімалізм”. Яна адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Там дэманструюцца адметныя творы розных гадоў – серыя “Гадзіннік”, асобныя скульптуры “Малако”, “Контрмэн” і іншыя. Паказаны таксама фотаздымкі паркавых і гарадскіх работ Максіма Пятруля, усталяваных у Кітаі, паменшаныя копіі скульптур, якія ўпрыгожылі новыя станцыі Мінскага метрапалітэна. У фармаце выставы аўтар дэкларуе свой маніфест і абвяшчае ўласны мастацкі метад – максімалізм. Расказвае Максім Пятруль.

Інструмент выказвання ў максімалізме – гэта геаметрычныя фігуры або прыродныя аб’екты. Падчас працы скульптар імкнецца ўносіць як мага менш змен у матэрыял. Гэты метад творца называе формай ачышчэння ад перагружанасці інфармацыяй.

26 лістапада ў рамках выставы адбудзецца сустрэча з аўтарам.

Фота: ncsm.by