Слухачы даведаюцца пра вынікі інтэрактыўнага конкурсу чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду" падчас тэматычнай эфірнай акцыі

24.11.2020 

Да юбілею класіка айчыннай літаратуры Уладзіміра Караткевіча на канале "Культура" Беларускага радыё пройдзе тэматычная эфірная акцыя "Прысвячаецца Уладзіміру Караткевічу", падчас якой будуць абвешчаны вынікі інтэрактыўнага конкурсу чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду".

Адзначаць 90-годдзе з дня нараджэння выбітнага літаратара спецыялізаваная радыёхваля Белтэлерадыёкампаніі пачала яшчэ летам, калі абвясціла правядзенне конкурсу чытальнікаў "Быў. Ёсць. Буду". Нагадаем, да ўдзелу запрашаліся аматары і прафесіяналы, якія даслалі аўтарскія прачытанні паэзіі Уладзіміра Сямёнавіча. Імёны пераможцаў у розных намінацыях і ўзроставых групах творчага спаборніцтва будуць абвешчаны 26 лістапада, у дзень нараджэння Караткевіча, у праграме "Сустрэча пад вечар", што пачнецца а 17:00. Пасля гэта інфармацыя з’явіцца на нашым сайце.

26 лістапада ў 12:15 і 18:15 выйдзе ў эфір спецыяльны выпуск перадачы "Дыялогі пра культуру", у якой прагучыць гутарка з пісьменнікам з фондаў Беларускага радыё.

27 лістапада а 15:00 і ў 21:30 праект "Культурныя скрыжаванні" прапануе аўтарскае чытанне твора "Каласы пад сярпом тваім".

У выхадныя, 28 і 29 лістапада, у 09:45 і 16:00 прагучаць вершы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч.

З кастрычніка ў "Радыёбібліятэцы" гучыць твор "Дзікае паляванне караля Стаха". Гэтымі днямі праект "Літаратурная анталогія" прапануе слухачам старонкі рамана "Чорны замак Альшанскі" ў прачытанні акцёра Алега Вінярскага. У рамках праекта для дзяцей і падлеткаў "Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя" кожны панядзелак і аўторак гучаць фрагменты рамана "Каласы пад сярпом тваім".

"Вядома, гэта далёка не ўвесь пералік перадач, у якіх мы прыгадаем творчасць Уладзіміра Сямёнавіча, - расказвае дырэктар канала "Культура" Уладзімір Трапянок. - Слова Караткевіча не страчвае актуальнасці, таму яно павінна займаць годнае эфірнае месца. Даследчыкі пісалі, што Караткевіч належыць да першапраходцаў, якіх усё захапляе сваёй веліччу, незвычайнасцю, што гэта захапленне, непасрэднасць паэтычнага ўражання ён імкнецца перадаць чытачу. У нашым выпадку пісьменніцкі дар Уладзіміра Сямёнавіча праз аўтарскае ці акцёрскае выкананне адразу трапляе ў свядомасць слухача, што ў выніку прымушае яшчэ больш ганарыцца нашай гісторыяй і адметнай культурай".