Фестываль памяці піяністкі Алёны Цэгалка пачынаецца ў Белдзяржфілармоніі

25.02.2021

Сёння ў Белдзяржфілармоніі пачынаецца VII Фестываль памяці піяністкі Алёны Цэгалка “Пакуль не ідуць цітры”. Сёлета аматарам мастацтва прапануюць тры канцэрты. На адным з іх у Малой зале прагучыць “Нямецкі рэквіем” Іаганеса Брамса. На сцэне выступіць незвычайны састаў: хор, салісты, літаўры і фартэпіянны дуэт. "У такім складзе гэта прэм’ера для Беларусі", ‒ расказала мастацкі кіраўнік і дырыжор Студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Інэса Бадзяка.

У трэцім канцэрце, які пройдзе ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі 28 лютага, прагучаць адразу дзве прэм’еры. Гэта кампазітарскі дэбют беларускага піяніста Аляксея Пшанічнага “Сны” для фартэпіяна з аркестрам і твор “Настальгія” Паліны Назаайкінскай. Сола выканае Аляксандр Музыкантаў. 

Фестываль “Пакуль не ідуць цітры” – гэта дабрачынны праект, і сёлета арганізатары ўсе сродкі перададуць Гродзенскаму дзіцячаму хоспісу.

Фота: philharmonic.by