Сакавіцкія літаратурныя чытанні на канале "Культура"

04.03.2021 

Стагоддзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа канал “Культура” Беларускага радыё адзначае прэм’ерай. Трылогія “Палеская хроніка” будзе агучана ў рамках праграмы “Літаратурная анталогія”. З 2 сакавіка ў эфіры ў выкананні артысткі Лікі Пташук ажывуць старонкі рамана “Людзі на балоце”.

“Творчасць айчынных класікаў заўсёды прыцягвае нашу ўвагу”, –адзначыў намеснік дырэктара канала “Культура”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнік Навум Гальпяровіч. – “У прыватнасці, да стагоддзя Івана Шамякіна ў нашым эфіры ўжо прагучалі старонкі рамана “Трывожнае шчасце”, у гэтыя дні працягваецца мастацкае чытанне аповесці класіка “Шлюбная ноч”. А ў сакавіку ўвазе слухачоў – несмяротны твор Івана Мележа. Як вядома, героі “Палескай хронікі” былі шырока прадстаўлены ў кінафільмах, тэлеспектаклях, радыёпастаноўках, а наша новая работа, якая прагучыць на канале “Культура” ў монавыкананні, дапоўніць мастацкае ўвасабленне творчасці класіка беларускай літаратуры”.

Праект “Літаратурная анталогія” можна слухаць на хвалях канала з панядзелка да пятніцы ў 14:15, 23:00 і 04:00. На сайце маецца архіў перадачы, дзе змешчаны выпускі, якія прагучалі ў эфіры.