14.04.2021
Выстава "35 гадоў пад знакам Ч", падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў, адкрыецца 16 красавіка ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. У экспазіцыі – работы творцаў з розных рэгіёнаў краіны, у тым ліку з Гомельшчыны. На адкрыццё завітаюць прадстаўнікі Саюза мастакоў і мясцовыя аўтары. Расказвае загадчыцца мастацкага аддзела Таццяна Літвінава.
Першымі выяўленчую хроніку Чарнобыльскай трагедыі пачалі ствараць адразу з 1986 года тады яшчэ маладыя мастакі Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. На іх карцінах амаль дакументальныя кадры – людзі, якія ў мірны час сталі ў сваёй краіне бежанцамі, пакінутыя хаты, калючы дрот на мяжы зоны адчужэння. Засяроджанасць на праблемах унутранага свету стала своеасаблівай рысай мастацтва апошніх трох дзесяцігоддзяў.
Мастацтва "пасля Чарнобыля" не толькі спавядае пра "разбуранае" выбухам рэактара жыццё людзей, яно прымушае да філасофскіх разваг пра безабароннасць чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, пра любоў і малую радзіму.
На фота – карціна Гаўрыіла Вашчанкі "Зорка Палын" (artkurator.com)