Вядомыя пераможцы радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі"

04.05.2021

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё апублікаваў вынікі Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Юбілейны, дзясяты праект стаў самым маштабным за сваю гісторыю: ён сабраў 632 заяўкі ад дзяцей з розных куткоў краіны.

Гран-пры прысуджаны пяці ўдзельнікам праекта ў розных намінацыях: Валерыі Шманай (Жодзіна), Вікторыі Янушкевіч (Ракаў), народнаму хору "Радзейка" (Гомель), народнаму ансамблю цымбалістаў "Лілея" (Брэст) і народнаму духавому аркестру Музычнага каледжа імя Агінскага (Маладзечна).

Лаўрэатамі I, II і III ступеняў сталі 76 салістаў і калектываў, а спецыяльныя дыпломы атрымалі 63 удзельнікі. Поўны спіс імёнаў пераможцаў конкурсу даступны на афіцыйным сайце Першага нацыянальнага і ў Telegram-канале "Радио_1".

Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 6 мая ў Вялікай студыі Дома радыё. 

Фота: radio1.by