29.06.2021
Персанальная выстава Дзмітрыя Сурыновіча разгарнулася ў сталічнай галерэі “ДК”. Увазе наведвальнікаў – акварэльныя работы вядомага мастака. Яго манера выканання падобная да стылю японскіх майстроў. Пры гэтым у творах заўважны непаўторны аўтарскі почырк. Расказвае кіраўнік галерэі Кацярына Давыдава.
Акварэліст прэзентаваў работы з вытанчанымі і загадкавымі жаночымі вобразамі. На аркушах паўстаюць абрысы аголеных целаў, аднак аўтар звяртае ўвагу не на фізічную абалонку. Ён даследуе душэўную прыгажосць, асаблівасці характару і палітру чалавечых пачуццяў.
Фонам для жаночых вобразаў на многіх акварэлях выступаюць марскія краявіды, некаторых гераінь атачаюць чайкі. Часам ландшафт і птушкі выходзяць на першы план. У такіх работах аўтар воднымі фарбамі перадае лёгкасць паветра і свежасць салёнага ветру на беразе акіяна. Убачыць акварэльную калекцыю Дзмітрыя Сурыновіча можна да 15 ліпеня.
Фота: facebook.com