Юбілейная выстава жывапісу Анатоля Жалудко адкрылася ў Брэсце

07.07.2021

"Мой родны кут" – пад такой назвай у Брэсце адкрылася юбілейная выстава жывапісу вядомага на Брэстчыне мастака Анатоля Жалудко. Яна прымеркавана да 60-годдзя творцы. Увазе наведвальнікаў – больш за 60 жывапісных палотнаў: пейзажы, нацюрморты, партрэты. "Квітнее папараць", "Іван Купала",Берасцейскае вогнішча"... У кожнай рабоце – прыгажосць палескіх пейзажаў Брэсцкай вобласці і фальклорныя сюжэты. Пераважна мастак пісаў творы з натуры.

Анатоль Жалудко – вядомы на Брэстчыне мастак-пейзажыст, член Беларускага саюза мастакоў. А яшчэ і краязнаўца. Ён захоплены гісторыяй роднага краю, ідэяй духоўнага адраджэння Заходняга Палесся. Доўгія гады мастак стварае ўнікальны этнаграфічны музей народнай архітэктуры і побыту Заходняга Палесся пад адкрытым небам у сваёй роднай вёсцы Сабалі ў Бярозаўскім раёне.

Выстава будзе працаваць да 18 ліпеня.

Фота: vb.by