Брэстаўчанка Кацярына Басалай стала ўдзельніцай экспедыцыі па вывучэнні арктычных архіпелагаў

16.07.2021

Першай беларускай, якая адправілася ў навукова-адукацыйную марскую экспедыцыю "Арктычнага плывучага ўніверсітэта", стала брэстаўчанка, навуковы супрацоўнік лабараторыі біягеахіміі Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Кацярына Басалай. Экспедыцыя прайшла ў чэрвені.

Гэта навуковы праект, які аб'ядноўвае маладых і вядомых навукоўцаў з 16-ці краін. Ён арганізаваны Паўночным (Арктычным) федэральным універсітэтам імя Ламаносава і Паўночным упраўленнем па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Экспедыцыя вывучала змены ў экасістэме прыбярэжных тэрыторый арктычных архіпелагаў.

Кацярына Басалай ў Арктыцы займалася вывучэннем транзітных пераносаў забруджвальных рэчываў у мора. У сваю першую экспедыцыю дзяўчына павінна была адправіцца яшчэ ў 2019 годзе, калі другі раз стала стыпендыяткай Расійскага няўрадавага экалагічнага фонду імя Вярнадскага. Але свае карэктывы ўнесла пандэмія. Маладая даследчыца працавала ў тандэме з расійскімі калегамі. Усе даныя, атрыманыя падчас экспедыцыі, трапілі ў міжнародную базу. Асноўная навуковая цікавасць Кацярыны Басалай ужо на радзіме ‒ гэта вывучэнне асадку сцёкавай вады гарадоў Брэсцкай вобласці. Тэма новая і актуальная, бо ў асадку могуць знаходзіцца карысныя элементы, якія пасля можна выкарыстоўваць як удабрэнне. У планах у Кацярыны ‒ абарона кандыдацкай дысертацыі.

Фота: virtualbrest.ru