Году народнага адзінства – літаратурная прэм’ера на канале “Культура” Беларускага радыё

30.09.2021  

27 верасня на канале Культура Беларускага радыё – літаратурная прэм’ера, прысвечаная Году народнага адзінства.

У эфіры прагучаць старонкі рамана Георгія Марчука “Крык на хутары”. Твор, упершыню апублікаваны ў часопісе “Полымя” ў 1981 годзе, прысвечаны жыццю беларусаў заходніх абласцей, якія знаходзіліся пад уладай буржуазнай Польшчы.

Раман і сёння не страціў сваёй вартасці і актуальнасці. Аўтар паказвае трагічны лёс сям’і палескага хутаранца Змітра Летуна. Сама назва твора сімвалічная. Гэта крык душы чалавека, крык надзеі і веры. Раманам Георгій Васільевіч дэбютаваў у літаратуры і адразу атрымаў станоўчыя водгукі крытыкі і чытачоў. Сярод тых, хто прыхільна азваўся пра твор маладога тады празаіка, быў Васіль Быкаў. Сёння Георгій Марчук – адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў, аўтар раманаў, п’ес, афарызмаў, эсэ, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Раман “Крык на хутары” ў выкананні артысткі Маргарыты Захарыі выходзіць у праграме “Літаратурная анталогія” з панядзелка да пятніцы ў 14:15 і 23:00. Пераслухаць старонкі твора можна будзе ў аўдыяархіве на сайце www.radiokultura.by.