Да 100-годдзя з дня нараджэння Віктара Роўды канал “Культура” падрыхтаваў серыю тэматычных праграм

01.11.2021  

У лістападзе канал “Культура” Беларускага радыё правядзе серыю перадач, прысвечаных 100-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Савецкага Саюза прафесара Віктара Роўды.

У радыёфондзе захавалася размова з Віктарам Уладзіміравічам пра духоўнае. Патрыярх беларускага музычнага мастацтва згадваў сваё дзяцінства, жыццёвыя пуцявіны, шлях да духоўнай музыкі. Запіс гэтай размовы можна пачуць у праграме канала “Культура” “Музычная студыя” 6 лістапада ў 13:00.

20 лістапада ў гэтым жа праекце пра свайго настаўніка раскажа дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Інеса Бадзяка. З першага курса кансерваторыі яна не толькі трапіла ў клас маэстра, ён прывёў яе ў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі, дзе пачала працаваць хармайстрам, непасрэднай памочніцай Віктара Уладзіміравіча. Яна стала годнай пераемніцай майстра і цяпер узначальвае кафедру харавога дырыжыравання акадэміі музыкі. Інеса Бадзяка – ініцыятар шматлікіх айчынных харавых праектаў, вядзе акадэмічны хор студэнтаў, які атрымаў мноства ўзнагарод на прэстыжных конкурсах.

27 лістапада ў 13:00 на канале “Культура” прагучыць канцэрт Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі і хору студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Дырыжоры – Інеса Бадзяка і сённяшні мастацкі кіраўнік творчага калектыву Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Саўрыцкі.

Віктара Уладзіміравіча называлі Патрыярхам. Такой яго асоба з’яўляецца не толькі ў айчынным харавым мастацтве. Ён быў сапраўды жывым “класікам”, чалавекам высокай культуры і захавальнікам традыцый, сведкам гістарычных зрухаў ХХ стагоддзя і яго равеснікам, разам з тым, чалавекам надзіва сучасным, бескампрамісным, для якога творчасць заўсёды была сэнсам жыцця.

 

Пасля працы ў Маскве ў хоры знакамітага рускага дырыжора Аляксандра Свешнікава Віктар Роўда вярнуўся ў Беларусь. Пачаў працаваць у Дзяржаўнай харавой капэле Рыгора Шырмы, а потым узначаліў Акадэмічны хор Белтэлерадыекампаніі, якім кіраваў больш за сорак гадоў.