Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі выступіць у канцэрце да 100-годдзя з дня нараджэння Віктара Роўды

16.11.2021

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі выступіць у канцэрце да 100-годдзя з дня нараджэння былога кіраўніка, народнага артыста СССР, прафесара Віктара Роўды

Віктар Уладзіміравіч быў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам хору Беларускага тэлебачання і радыё з 1965 года да апошніх дзён жыцця. Славуты калектыў пад кіраўніцтвам маэстра выканаў практычна ўсе лепшыя харавыя творы айчынных кампазітараў, актыўна папулярызаваў творчасць маладых аўтараў.

Адначасова Віктар Роўда быў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кіраваў студэнцкім хорам. Часта ў канцэртах Віктар Уладзіміравіч злучаў артыстаў двух калектываў, і вялікі зводны хор гучаў надзвычай ярка і экспрэсіўна.

З’яднанне харавых калектываў адбудзецца ў канцэрце “Хор як лёс”, які пройдзе 21 лістапада ў Белдзяржфілармоніі.

Аўтарам праекта выступіла сённяшні кіраўнік студэнцкага хору акадэміі музыкі Інэса Бадзяка. Для ўдзелу ў канцэрце яна таксама запрасіла Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Хор хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскага музычнага каледжа пры акадэміі музыкі, салістаў Станіслава Трыфанава, Анастасію Храпіцкую, Аляксандра Міхнюка.

Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі, дарэчы, сёлета святкуе 90-годдзе. Зараз славутым калектывам, якому апладзіравалі ў Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Славеніі і іншых краінах, кіруе кампазітар, аранжыроўшчык і дырыжор Андрэй Саўрыцкі.